Мадзьяр і Беларусь: ці зменіцца палітыка Будапешта пасля змены ўрада?
Петэр Мадзьяр / REUTERS
Будучы прэм'ер Венгрыі Петэр Мадзьяр зрабіў 13 красавіка першыя заявы пра новую знешнюю палітыку. Краіна зробіць стаўку на паляпшэнне адносін з Еўрасаюзам, але пры гэтым будзе працягваць “прагматычную супрацу” з Расіяй. А што з Беларуссю?
Аляксандр Лукашэнка, у адрозненне ад Пуціна, адразу павіншаваў Мадзьяра з перамогай на выбарах. Ён пажадаў добрага здароўя, поспехаў і выказаў надзею, што “моцны голас Венгрыі на міжнароднай арэне будзе і далей гучаць у духу прагматызму, накіраванага на падтрыманне ўсеагульнай бяспекі, павагі да ўсіх народаў”.
Але Лукашэнка зрабіў гэта пазней за Святлану Ціханоўскую. Венгрыя — гэта адзіная краіна, куды не было яе афіцыйнага візіту. Яе дарадца Франак Вячорка ў эфіры Еўрарадыё выказаў надзею, што стаўленне новага ўрада да беларусаў палепшыцца, і дадаў, што кантакты з камандай Петэра Мадзьяра ўжо ёсць.
“У другой палове года, я думаю, мы паспрабуем арганізаваць візіт у Будапешт, каб вырашыць пытанні беларусаў, — спадзяецца Вячорка. “Нам важна, каб Венгрыя працягвала выдаваць візы для беларусаў, каб стаўленне да беларусаў трымалася добрым”.
З кім усё ж Мядзьяр хутчэй пойдзе на кантакт? Пра магчымае супрацоўніцтва будучага ўрада Венгрыі Еўрарадыё пагаварыла з Андрэа Віраг, дырэктаркай па стратэгіі венгерскага незалежнага інстытута Republikon.
— Вядома, што Венгрыя блакіравала санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў пасля 2020 года. Як вы ацэньваеце верагоднасць таго, што Будапешт перагледзіць сваю пазіцыю ў дачыненні да афіцыйнага Мінска пасля фарміравання новага ўрада, асабліва ў кантэксце санкцыйнай палітыкі ЕС?
— Так, я думаю, што гэты новы ўрад на чале з Петэрам Мадзьярам будзе моцна адрознівацца ад урада Віктара Орбана. Я думаю, што Петэр Мадзьяр выказаў свае погляды і сваё меркаванне наконт таго, ці выгадна Венгрыі супрацоўнічаць з Расіяй і Беларуссю. Я чакаю, што яны перагледзяць тыя пазіцыі, якія былі прыняты ўрадам Орбана. Я не думаю, што супрацоўніцтва паміж новым венгерскім урадам і кіраўніцтвам Расіі і Беларусі будзе працягвацца ў тым жа рэжыме.
— Ці магчыма, што лабіраванне ў інтарэсах рэжыму Лукашэнкі працягнецца, як гэта было пры Орбане?
— Катэгарычна не. Перш за ўсё таму, што Петэр — праеўрапейскі палітык. Ён вельмі ясна даў зразумець, што хоча аднавіць пазіцыі Венгрыі ў Еўрапейскім саюзе, што хоча быць моцным і надзейным партнёрам для нашых еўрапейскіх саюзнікаў і хоча больш прытрымлівацца агульнаеўрапейскіх пазіцый, чым Віктар Орбан.
Таксама Петэр Мадзьяр хоча атрымаць доступ да фондаў ЕС, якія зараз замарожаны праз палітыку Віктара Орбана, праз адсутнасць вяршэнства права, празрыстасці і свабоды СМІ ў нашай краіне. Каб вырашыць вельмі складаную эканамічную сітуацыю ў краіне, Петэру Мадзьяру сапраўды трэба “размарозіць” гэтыя сродкі ЕС.
Мы ведаем, што Петэр Мадзьяр не з'яўляецца праціўнікам атамнай энергетыкі. Ён не выступае супраць яе тэарэтычна, але пытанне ў тым, як гэта фінансуецца, і ці з'яўляецца праца з “Расатамам” або Беларуссю самым танным рашэннем. Але, як я ўжо казала, мы практычна нічога не ведаем пра дэталі гэтага кантракта.
— Па вашым меркаванні, наколькі важныя прынцыпы дэмакратыі і свабоды слова для Петэра Мадзьяра і якую ролю гэтыя каштоўнасці адыгрываюць у яго палітычнай праграме?
— Яны вельмі важныя. Бачанне Петэра Мадзьяра заключаецца ў аднаўленні дэмакратыі ў Венгрыі — плюралістычнай дэмакратыі, дзе паважаецца вяршэнства права і адноўлена сістэма праверак і проціваг. Дзе медыйны ландшафт не працуе так, як сёння, калі грамадскія СМІ фактычна транслююць паведамленні кіруючай партыі і фінансуюцца за кошт велізарных сум грошай. Цяперашні палітычны ландшафт у Венгрыі вельмі аднабаковы і кантралюецца дзеючым урадам.
Петэр Мадзьяр даў зразумець, што з большасцю ў дзве траціны ён хоча прыняць новую Канстытуцыю, новы выбарчы закон і аднавіць плюралістычную дэмакратыю ў Венгрыі.
— Ведаючы ўсё гэта, наколькі верагоднае палітычнае ўзаемадзеянне паміж новым урадам Венгрыі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў выгнанні, асабліва з Офісам Святланы Ціханоўскай?
— Шчыра кажучы, я не чула нічога па гэтым пытанні ад Петэра Мадзьяра. Можа, я штосьці прапусціла, але я не ведаю, ці выказваў ён калі-небудзь сваю пазіцыю на гэты конт.
Нам давядзецца пачакаць і паглядзець. Я думаю, ад Петэра Мадзьяра можна чакаць таго ж, чаго і ад любога іншага мэйнстрымнага еўрапейскага лідара, які паважае дэмакратыю.
— Як можа эвалюцыянаваць баланс паміж прагматычным супрацоўніцтвам з рэжымам у Мінску і падтрымкай дэмакратычных ініцыятыў? Што будзе вызначальным фактарам: эканамічныя інтарэсы, пытанні бяспекі ці ўнутрыпалітычныя разлікі?
— Я думаю, гэта будзе спалучэнне гэтых фактараў. Петэр Мадзьяр — вельмі прагматычны палітык. Ён не хоча кіраваць, абапіраючыся толькі на каштоўнасці.