Магілёўскі ілжэстаматолаг выдраў пярэднія зубы пацыенту

Па віне ілжэстаматолага магілёвец застаўся без пярэдніх зубоў, паведамляе БЕЛТА. 56-летні магілёвец вырашыў ажыццявіць мару свайго дзяцінства - стаць лекарам-стаматолагам. Для гэтага ён пры нагодзе набыў у Санкт-Пецярбургу адпаведны дыплом. Праўда, вырашыў яго выкарыстаць на практыцы толькі праз тры гады, калі ў 2009-м страціў працу. На дзвярах свайго пад'езда ілжэлекар размясціў аб'яву пра платныя паслугі насельніцтву па пратэзаванні зубоў. Стаматалагічны кабінет ён зладзіў у сваёй кватэры. Неўзабаве да яго звярнуўся сусед з просьбай уставіць пярэднія зубы. Гора-стаматолаг зрабіў пацыенту зубны пратэз і ўзяў за працу 510 тыс.руб.

У сувязі з няякасным пратэзаваннем пацыент вымушаны быў звярнуцца ў дзяржаўную лякарню. Кваліфікаваныя адмыслоўцы аказалі яму неабходную дапамогу, але прыйшлося выдаліць і астатнюю частку пярэдніх зубоў.

Пракуратура Ленінскага раёна Магілёва накіравала ў суд крымінальную справу: ілжэлекара вінавацяць у махлярстве.