Максім Мірны стартуе на выніковым тэнісным турніры ў Лондане

Максім Мірны сёння стартуе на выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) у Лондане. Як адзначае БЕЛТА, у першым матчы папярэдняй групы В беларус Мірны разам з ізраільцянінам Эндзі Рамам (7-ы нумар пасеву) сустрэнецца з братамі Бобам і Майкам Браянамі (2). У гэтай жа групе выступаюць яшчэ два дуэты: Лукаш Длоўхі (Чэхія) — Леандр Паес (Індыя, 4) і Лукаш Кубат (Польшча) — Аліўе Марак (Аўстрыя, 6).

Напярэдадні адбыліся першыя сустрэчы ў групе А — Даніэль Нестар (Канада) і Ненад Жымонжыч (Сербія, 1) прайгралі дуэту Марыюш Фірстэнберг — Марцін Маткоўскі (Польшча, 8) у двух сэтах — 4:6, 4:6. Пара Махеш Бхупаці (Індыя) — Марк Ноўлз (Багамы, 3) абыграла Францішка Чэрмака (Чэхія) і Міхала Мерціняка (Славакія, 5) — 6:3, 6:3.

У паядынках адзінкавага разраду ў групе А брытанец Эндзі Марэй (4) узяў верх над аргентынцам Хуанам-Марцінам дэль Потра (5) — 6:3, 2:6, 6:2, а швейцарац Ражэ Федэрэр (1) быў мацнейшым за іспанца Фернанда Вердаска (8) — 4:6, 7:5, 6:1.

Выніковы турнір, агульны прызавы фонд якога складае $5 млн, завершыцца ў нядзелю, 29 лістапада.