Маладафронтаўцу пагражаюць крымінальнай справай за нявыплачаныя штрафы

Актывіста баранавіцкай філіі "Маладога фронту" і стыпендыята праграмы Кастуся Каліноўскага Сямёна Былінскага запрасілі прыйсці ў мясцовы суд. З хлопца патрабуюць выплаты 2.100.000 рублёў штрафу. "Зараз я знаходжуся ў сябе дома ў Баранавічах. У панядзелак, 4 студзеня, да мяне дахаты патэлефанаваў судовы выканаўца і запрасіў з'явіцца ў баранавіцкі суд для выплаты штрафаў. Па яго словах, калі я іх не выплачу, то супраць мяне пачнуць крымінальную справу", — сказаў Еўрарадыё Сямён Былінскі.

Нагадаем, што 20 мая 2009 года прайшоў адміністрацыйны суд на Сямёнам Былінскім за нібыта ўхіленне ад вайсковай службы. Маладафронтаўца прысудзілі да 1.750.000 рублёў штрафу. Сам Былінскі палічыў дзеянні вайсковай камісіі і суда палітычна матываванымі. Іншыя штрафы маладафронтавец атрымаў за ўдзел у апазіцыйных акцыях. З 2009 года Сямён пачаў навучацца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага.