Манёнак: У Беларусі праблема не з пастаўкамі газу з Расіі, а з аплатай

У Беларусі няма праблем з пастаўкамі прыроднага газу з Расіі — ёсць праблема толькі з аплатай паставак. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказала эканамічная аглядальніца газеты "Белорусы и рынок" Таццяна Манёнак.  Гэткім чынам яна пракаментавала паведамленне намесніка міністра эканомікі Анатоля Філонава, што ў Беларусі распрацаваныя варыянты энергазабеспячэння народнай гаспадаркі і насельніцтва ва ўмовах магчымага скарачэння паставак энерганосьбітаў.

Па словах Філонава, Міністэрства энергетыкі з удзелам канцэрну "Белнафтахім" і іншых зацікаўленых ведамстваў распрацавала варыянты палівазабеспячэння і рэжымаў энергазабеспячэння народнай гаспадаркі і насельніцтва ў ацяпляльны перыяд ва ўмовах магчымага паніжэння паставак энерганосьбітаў у краіну, а таксама ў выпадках магчымага ўзнікнення аварыйных сітуацый і рэзкіх пахаладанняў.

Як лічыць Манёнак, праблем з пастаўкамі энерганосьбітаў паўстаць не павінна. "Газпром" скажа: "Бярыце, колькі трэба, але толькі разлічвайцеся па поўнай праграме". І тут у Беларусі могуць паўстаць праблемы ў залежнасці ад таго, які кошт за газ выставіць "Газпром". Праект бюджэту Беларусі на 2010 год сфармаваны зыходзячы з прагнозу сярэднегадавога кошту на газ у памеры 166 долараў за тысячу кубаметраў. "Газпром" можа падняць кошт да 200 долараў. Усё залежыць ад таго, як Беларусь дамовіцца з "Газпромам", на якую суму", — лічыць Манёнак.

На думку эксперта, цяпер урад шукае разумныя схемы мінімізацыі выдаткаў.