Масавыя беспарадкі ў Кітаі, загінулі 27 чалавек
Трагічнае здарэнне адбылося ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне на паўночным захадзе краіны.
Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што раніцай у сераду ў адным з невялікіх гарадкоў групы людзей з халоднай зброяй сталі нападаць на пастарункі паліцыі, на будынак адміністрацыі. Былі спаленыя некалькі паліцэйскіх аўтамабіляў.
У выніку нападаў загінулі 9 паліцыянтаў і 8 грамадзянскіх асобаў. Паліцыя пачала страляць у нападаючых і не менш за 10 чалавек былі забітыя. Цяпер праваахоўныя органы шукаюць удзельнікаў масавых беспарадкаў, інфармуе РІА "Новости".
Кітайскія ўлады нічога не паведамляюць пра прычыны здарэння. Як вядома, Сіньцзян з'яўляецца адной з "гарачых" кропак Кітая. Яго жыхары, мусульмане паводле веравызнання, на працягу дзясяткаў гадоў вядуць узброеную барацьбу за незалежнасць ад Пекіна. На сённяшні дзень там працягвае дзейнічаць падпольная арганізацыя "Ісламскі рух Усходняга Туркестана". Рэгулярна праходзяць суды над "тэрарыстамі" і "экстрэмістамі", якія атрымліваюць ад 5 гадоў да пажыццёвага зняволення.
Фота — ria.ru