Машыніст маскоўскага метро заснуў на працоўным месцы

Машыніст маскоўскага метро ў мінулы чацвер заснуў у кабіне цягніка і праехаў станцыю, піша "Комсомольская правда". Па інфармацыі выдання, цягнік заехаў у тунэль прыкладна на 35 метраў, пасля чаго спрацавала аўтаматыка і хуткасць цягніка рэзка зменшылася. Ад рэзкага штуршка машыніст прачнуўся і ўзяў кіраванне ў свае рукі.

Пасля гэтага ён паведаміў дыспетчару пра здарэнне і паехаў далей. Па словах прадстаўнікоў метрапалітэна, графік руху цягнікоў практычна не парушыўся. Прыкметаў алкагольнага ап'янення ў машыніста не выявілі, аднак яго перавядуць на пасаду памочніка машыніста.

Па словах супрацоўнікаў метрапалітэна, падобныя выпадкі здараюцца адзін-два разы за год. Прычынай гэтага з'яўляецца недахоп кіслароду ў падземцы.