Масква рыхтуецца да сустрэчы Абамы

У панядзелак 6 ліпеня прэзідэнт ЗША Барак Абама прыбудзе ў Маскву з трохдзённым афіцыйным візітам. У Маскве Абама правядзе закрытыя перамовы з расійскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым. Разам з расійскім калегам Абама наведае ўдзельнікаў расійска-амерыканскага бізнэс-саміту, правядзе асобную сустрэчу з прадстаўнікамі расійскай грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў. Зранку 8 ліпеня прэзідэнт ЗША вылеціць у Італію, дзе прыме ўдзел у саміце "вялікай васьмёркі".

Як нагадвае "Інтэрфакс", гэта ўжо не першы прыезд Барака Абамы ў Расію. Папярэдняя яго паездка была азмрочаная непрыемным інцыдэнтам. У 2005 году сенатар Абама разам са сваім калегам Рычардам Лугарам наведаў Расію для праверкі выканання праграмы скарачэння ядзернай пагрозы.

Сенатары наведалі шэраг расійскіх гарадоў, але ў Пярмі іх самалёт затрымалі больш як на тры гадзіны: расійскія памежнікі жадалі правесці надгляд. Пасля таго, як быў удакладнены дыпламатычны статус сенатараў, інцыдэнт быў улагоджаны.