Massive Attack выступяць куратарамі фэсту ў Лондане

Культавая трып-хопавая каманда з Брыстоля Massive Attack будзе курыраваць музычны фэст Meltdown у Лондане. Сёлета фэст пройдзе з 14 па 22 чэрвеня. Канцэрты як звычайна будуць праходзіць у культурным цэнтры Southbank Centre.

Праграма фэсту, складзеная Massive Attack, ужо вядомая. Апроч брыстольцаў на Meltdown выступяць гурты Gong, Yellow Magic Orchestra, Elbow, Gang of Four, Tunng, Tom Tom Club. Акрамя таго, чакаюцца выступы Хораса Эндзі, Эдрыэна Шэрвуда, Грэйс Джонс і Джорджа Клінтана.

Фэст Meltdown праводзіцца ў Лондане штогод з 1993 года. Мерапрыемства не адбылося толькі ў 2006 годзе, калі Southbank Centre быў зачынены на рэканструкцыю.

У розны час куратарамі фэсту выступалі Дэвід Боўі, Элвіс Кастэла, Морсі, Нік Кейв, Лоры Андэрсан, Паці Сміт, Скот Уолкер і Роберт Уайт.

Фота: www.ananova.com