Мастацкая галерэя tut.by адкрылася выставай дэвіянтнага мастацтва

З выставы дэвіянтнага мастацтва распачала сваю працу Мастацкая галерэя беларускага парталу tut.by у Мінску, паведамляе БелаПАН. Дэвіянтным мастацтвам лічаць творы людзей, чый псіхічны стан мае адхіленні ад нормы. Так, на гэтай выставе экспануюцца працы пяці мастакоў з майстэрні “Дом” псіханеўралагічнага інтэрнату №3 у Навінках. Усе яны маюць псіхафізіалагічныя асаблівасці і не з’яўляюцца прафесійнымі мастакамі. Аднак куратар галерэі Кацярына Савіцкая лічыць, што іх працы прыўкраснымі і заслугоўваюць увагі шырокай публікі. Напрыклад, у Міхаіла Буліча і Генадзя Грышэля ўжо былі персанальныя выставы, яны ўдзельнічалі ў міжнародных праектах.

Выстава будзе доўжыцца да 12 ліпеня. Усе экспанаты, а таксама дэкаратыўна-сувенірныя работы сябраў майстэрні “Дом” прададуць на інтэрнэт-аукцыёне ау.tut.by. Атрыманыя сродкі пойдуць на набыццё мастацкіх матэрыялаў для майстэрні. Цягам сямі год існавання “Дома” усе матэрыялы — фарбы, паперу, сувоі і іншыя неабходныя рэчы — набывалі дзякуючы дапамозе добраахвотнікаў.

Мастацкая галерэя tut.by месціцца ў Мінску па адрасе вуліца Веры Харужай, 1а.