Мастацтва псіхічна хворых як крыніца натхнення
Пра гісторыю дэвіянтнага мастацтва і творы пацыентаў беларускіх вар’ятняў Еўрарадыё расказала псіхолаг Дар’я Яскевіч.
Еўрарадыё: У Заслаўі праходзіць выстава “Беларускае Дэвіянтнае Сучаснае Мастацтва”, на якой прадстаўленыя карціны чатырох пацыентаў псіхіятрычнай клінікі. Там творы ў асноўным пазітыўныя і яскравыя, як дзіцячыя. Як сакуратар праекту, можаце сказаць, чаму так?
Дар’я Яскевіч: Таму што і самі гэтыя людзі найбольш нагадваюць дзяцей. На выставе адзін мастак, у якога класічная шызафрэнія. У астатніх іншыя дыягназы, пераважна, гэта інтэлектуальная недастатковасць.


Еўрарадыё: А чым увогуле такое мастацтва адрозніваецца ад мастацтва псіхічна здаровых людзей?
Дар’я Яскевіч: Можна акцэнтаваць увагу на фармальных прыкметах. Але калі адыйсці ад фармальнага, то можна сказаць, што яны не азіраюцца, не азіраюцца на наша меркаванне. Для іх гэта частка іх саміх. Яны малююць гэтак жа як дыхаюць. Напрыклад, Міша Буліч, найбольш яскравы аўтар з гэтай чацвёркі, ён сапраўды не можа не маляваць, яго спыніць амаль што немагчыма.
Еўрарадыё: А наколькі яны самакрытычныя?
Дар’я Яскевіч: Ведаеце, звычайна - не. Мы ж не крытычныя да свайго працэсу дыхання, праўда? Гэта вельмі дзіўны голас падсвядомасці.



Еўрарадыё: Ці часта такія выставы праходзяць на Захадзе?
Дар’я Яскевіч: З 30-х гадоў ХХ стагоддзя гэта нармальная з’ява. Напрыклад, мы можам узгадаць французскага мастака Жана Дзюбуфэ, класічны Art Brut. Дзюбуфэ стварыў цэнтр вывучэння такога мастацтва. Ён і яго паплечнікі сабралі вялікую калекцыю дэвіянтнага мастацтва. І, дарэчы, яны першыя пачалі выкарыстоўваць як крыніцу натхнення працы людзей з псіхічнымі захворваннямі.
Еўрарадыё: Вы псіхолаг. Для вас гэтыя карціны – толькі эстэтычнае задавальненне ці крыніца ведаў?
Дар’я Яскевіч: Са мной вельмі цікава, бо ў мяне першая адукацыя няскончаная, але мастацкая. Мне гэтыя працы перш за ўсё вяртаюць універсальнае пачуццё кампазіцыі і колеру. А потым ужо – нейкія дыягнастычныя крытэрыі

Еўрарадыё: А ці набываюць у Еўропе такія карціны?
Дар’я Яскевіч: Калі гаварыць пра дэвіянтнае мастацтва, я заўсёды гляджу на яго гэтак жа, як на звычайнае мастацтва. І не расстаўляю ніякіх акцэнтаў – гэта маляваў нармальны мастак ці, калі можна так сказаць, ненармальны. Калі ёсць магчымасць, я гляджу з пункту чыстага мастацтва, без дыягназаў. І любому мастаку, які лічыць сябе дэвіянтным ці аўтсайдэрам, я магу адказаць вельмі проста, што яго працы не вартыя ўвагі. А іншыя буду разглядаць як твор мастацтва, нават калі іх стварыў чалавек які не размаўляе і ўвогуле амаль не думае. Але гэта я. Іншы пункт гледжання – людзі набываюць гэтыя творы, напрыклад, у Беларусі, як творы менавіта дэвіянтных мастакоў. І тут можна спекуляваць, вось што цікава. Некаторыя творы губляюць а некаторыя – гэта плюс 20 долараў да кошту.
Фота http://generation.by