Матч Кубка Дэвіса Беларусь-Славакія пачнуць Ігнацік і Кліжан

У Мінскай ратушы адбылося лёсаванне матчу плэй-оф Кубка Дэвіса (1-я група Еўра-Афрыканскай зоны) Беларусь-Славакія. Ён пройдзе ў Мінску з 17 па 19 верасня, інфармуе БЕЛТА. Літаральна за паўгадзіны да пачатку лёсавання капітан беларускай каманды Аляксандр Швец вырашыў зрабіць адразу дзве замены. Замест заяўленых раней Ягора Герасімава і Аляксандра Бурага ў каманду ўключаныя Сяргей Бетаў  і Андрэй Васілеўскі.

Такім чынам, першымі 17 верасня на адкрыты корт сталічнага Палаца тэнісу выйдуць першы нумар беларусаў Уладзімір Ігнацік і другая ракетка славакаў Марцін Кліжан. Следам за імі згуляюць Сяргей Бетаў і першая ракетка славакаў Лукаш Лацко.

У суботу адбудзецца парная сустрэча - Максім Мірны і Ўладзімір Ігнацік сустрэнуцца з Міхалам Мерціньякам і Філіпам Палашакам. У заключны дзень спаборніцтваў, 19 верасня, пройдуць яшчэ дзве адзінкавыя сустрэчы: Уладзімір Ігнацік - Лукаш Лацко і Сяргей Бетаў і Марцін Кліжан.

Усе тры дні гульні будуць пачынацца ў 10.00, уваход для гледачоў вольны.