Матч з AZ могуць прапусціць Ліхтаровіч і Паўлаў

Матч Лігі Еўропы супраць AZ з Алкмара могуць прапусціць адразу два гульцы з лініі паўабароны БАТЭ. Пад пытаннем удзел футбалістаў Дзмітрыя Ліхтаровіча і Аляксандра Паўлава. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў галоўны трэнер барысаўскага клуба Віктар Ганчарэнка: Ганчарэнка: "Пад пытаннем, але нельга выключыць, што ўсё ж згуляюць Ліхтаровіч і Паўлаў. Усе астатнія добра падрыхтаваныя. Спадзяемся на добрую гульню ў заўтрашнім матчы".

Сустрэча з галандскім клубам будзе для БАТЭ пятай за апошнія два тыдні. Але Віктар Ганчарэнка на лёс не скардзіцца:

Ганчарэнка: "Я лічу, што мы ўмеем добра пераключацца з чэмпіяната Беларусі на Лігу Еўропы і наадварот. А ў апошнім туры мы атрымалі перамогу, таму да гульні з AZ падыходзім з добрымі эмоцыямі. Вядома, нам складана. Але мы не скардзімся, бо ведаем, што шмат якія клубы гуляюць у такім тэмпе. І, я ўпэўнены, большасць гульцоў і трэнераў нам бы пазайздросцілі. Таму ставімся да такой шчыльнасці гульняў нармалёва".

Нагадаем, матч другога тура групавога турніра Лігі Еўропы БАТЭ (Барысаў) – AZ (Алкмар) адбудзецца 30 верасня на стадыёне "Дынама" ў Мінску.