Майкл Джэксан з'явіцца ў камп’ютарнай гульні

Фанаты Майкла Джэксана (Michael Jackson) атрымаюць магчымасць «пераспяваць» і «ператанцаваць» свайго куміра.  Кампанія па вытворчасці камп’ютарнага софту Ubisoft анансавала планы выпуску новай відэагульні, якая дазволіць карыстальнікам навучыцца танцаваць як Джэксан, а пры наяўнасці вакальных здольнасцяў – і праспяваць ад яго асобы.

Стваральнікі гульні апісваюць яе як «танцавальнае караоке» і пазіцыянуюць у выглядзе альтэрнатывы раскручаным сімулятарам «Rock Band» і «Guitar Hero».

Паводле дамовы з фондам Майкла Джэксана, у гульні будуць выкарыстаны песні легендарнага музыкі – такія як «Billie Jean», «Beat It» і г.д. – а таксама запісы, якія дэманструюць яго характэрныя танцавальныя па.

Найбольш умелыя пераймальнікі ў канцы гульні змогуць апрануць карону Караля поп-музыкі.

«Майкл заўсёды імкнуўся выкарыстоўваць новыя магчымасці і тэхналогіі, каб данесці сваю музыку да самай шырокай аўдыторыі, - кажа выканаўчы дырэктар Ubisoft Верб Гілема. – І ён напэўна быў бы не супраць такой гульні. Інтэрактыўны характар гэтага сімулятара дазволіць Майклу стаць бліжэй да сваіх прыхільнікаў – у літаральным сэнсе».

Мяркуецца, што новая гульня пад кодавай назвай «праспявай і станцуй як Джэксан» будзе прэзентаваная ўжо ў канцы гэтага года.

Фота: dnvibe.wordpress.com