Megadeth рыхтуюць альбом

Ветэраны трэш-металу Megadeth распачалі працу над дванаццатым у сваёй кар'еры альбомам. Паводле словаў франтмэна калектыву Дэйва Мастэйна, студыйныя запісы матэрыялу для новага лонгплэя стартуюць у канцы верасня. Сесіі будуць праходзіць ва ўласнай студыі Мастэйна ў Паўднёвай Каліфорніі.

Да працы над новай кружэлкай плануецца запрасіць брытанца Эндзі Сніпа, які дапамагаў запісваць папярэдні альбом Megadeth - выдадзены ў траўні 2007-га "United Abominations".

Дэйв Мастэйн тлумачыць свой выбар прадзюсара тым, што яму спадабаўся як сам працэс працы са Сніпам, так і яго вынік. Музыка дадаў, што яму "падабаецца традыцыйна брытанскае пачуццё гумару Сніпа, да таго ж у яго няма зорных замашак, уласцівых іншым прадзюсарам яго калібра. А яшчэ ён аднойчы прызнаўся, што некалі пачаў граць хэві-метал менавіта пад уплывам Megadeth".

Эндзі Сніп вядомы не толькі як прадзюсар і гукаінжынер, але і як гітарыст брытанскага метал-гурта Sabbat, які з'явіўся ў сярэдзіне 80-х і існуе дагэтуль.

Найвышэйшым дасягненнем Сніпа як прадзюсара з'яўляецца прэмія "Грэмі" за альбом "Deliverance" швецкага калектыву Opeth. У розныя гады ён супрацоўнічаў з такімі камандамі, як Arch Enemy, Kreator і Machine Head.

Новы альбом Megadeth першапачаткова плануецца выдаць у канцы 2009-га году.

Фота: www.ugo.com