Механізатар-парушальнік з Піншчыны можа ўвайсці ў гісторыю

У гісторыю можа ўвайсці механізатар-парушальнік з Пінскага раёна. За адзін год жыхар вёскі Дамашыцы тройчы трапляў пад суд за паўторнае кіраванне трактарам у стане алкагольнага ап'янення. А агулам летась міліцыянты яго затрымлівалі чатыры разы.  Як паведамляе газета "Вечерний Брест", спачатку трактарыста аштрафавалі на 1,5 млн рублёў, пасля дасылалі лісты на яго пакаранне па месцы працы ў СВК "Малатковічы".

Праз паўтара месяца мужчына, пазбаўлены правоў на кіраванне механічным транспартным сродкам і пераведзены ў слесары, быў злоўлены ўчастковым, калі п'яны ехаў па вуліцы вёскі на калгасным трактары. На гэты раз яго пакаралі двума гадамі папраўчых працаў з утрыманнем на карысць дзяржавы 20% заробку.

Але пасля трактарыста зноў злавілі на трактары і ён быў зноў у стане алкагольнага ап'янення. На мінулым тыдні адбыўся чарговы суд — мужчына апраўдваўся, што ў гаспадарцы не хапае механізатараў і таму кіраўніцтва адпраўляла яго на працу. У выніку, суд прысудзіў парушальніку 6 месяцаў арышту.