Мэра Брэста папрасілі пакараць яго намесніка за непрафесійнасць
Дзяніс Турчаняк, каардынатар руху “За свабоду” у Брэсце, звярнуўся ў гарвыканкам з просьбай назваць памяшканні, у якіх будзе дазволена сустракацца з выбаршчыкамі. Адказам ён не задаволены.
Вось што распавёў Еўрарадыё Дзяніс Турчаняк:
"Мы паслалі ліст, у якім прасілі назваць памяшканні, дзе бясплатна, падкрэсліваю, бясплатна можна будзе ладзіць сустрэчы кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Намеснік старшыні гарвыканкама Хафізаў прыслаў адказ, у якім гаворыцца пра пікеты".
Спадар Турчаняк накіраваў старшыні гарвыканкама просьбу пакараць свайго намесніка за непрафесійную працу.
Адначасова Дзяніс Турчаняк, як чалец каманды прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду ад Партыі БНФ Рыгора Костусева, звярнуўся да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара з прапановай апублікаваць у прэсе пералік памяшканняў для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі.