Мэрыліна Мэнсана пабілі ў кавярні
Бо не захацеў фатаграфавацца з прыхільніцамі.
Эпатажны спявак Мэрылін Мэнсан стаў ахвярай хулігана, які збіў яго ў кавярні. Інцыдэнт здарыўся пасля канцэрту ў канадскім горадзе Альберта. 46-гадовы артыст пайшоў у кавярню пад’есці разам са сваёй групай, але яму не далі спакойна падсілкавацца і адпачыць.
Дзве дзяўчыны падышлі да знакамітасці і папрасілі сфатаграфавацца разам з ім, але ж Мэнсан адмовіўся. Як сцвярджаюць сведкі, Мэрылін абазваў адну з дзяўчат нецэнзурным словам.
Праз некалькі хвілінаў да століка спевака падышоў нецвярозы хлопец — кавалер пакрыўджанай паненкі — і ўдарыў Мэрыліна Мэнсана па твары.
Пазней у размове з журналістамі Мэнсан заявіў, што нікога не абражаў, а п’яны хлопец збіў яго абсалютна ні за што. Цяпер спявак збіраецца падаць на агрэсара ў суд, паведамляюць замежныя СМІ.