Месцы ў інтэрнатах атрымалі толькі 50% студэнтаў БДУ

У новым навучальным годзе месцы ў інтэрнатах змаглі атрымаць 5,5 тысячы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта прыкладна палова тых, каму патрэбна жытло, адзначае БелаПАН. Дырэктар студэнцкага гарадка БДУ Міхаіл Чарапеннікаў паведаміў, што 25% месцаў аддадзеныя першакурснікам, яшчэ 20% — замежным студэнтам. На астатнія 55% месцаў студэнтаў засялялі ў парадку чаргі. Дырэктар студгарадка адзначыў, што не ўсім замежным студэнтам падаюцца месцы ў інтэрнатах. Абавязкова засяляюць толькі замежнікаў,  якія навучаюцца на падрыхтоўчым і першым курсах.

Па словах Чарапеннікава, некаторыя беларускія студэнты, якія пражылі некалькі гадоў у інтэрнаце, сёлета пазбавіліся такой магчымасці ў сувязі з пагаршэннем паспяховасці.

Аднак некаторыя студэнты гэта абвяргаюць. "У мяне быў высокі сярэдні бал: 9,8 — за зімовую сесію і 9,2 — за летнюю, — распавяла студэнтка 4-га курса факультэта журналістыкі БДУ Людміла Мінкевіч. — Акрамя таго, я з'яўляюся старастай групы, удзельніцай навуковых канферэнцый і спартовых мерапрыемстваў. Мяне павінны былі засяліць, але ў студгарадку сказалі, што трэба засяліць 25% першакурснікаў".

БДУ мае 10 інтэрнатаў. У адным з іх — № 7 — цяпер ідзе капітальны рамонт. Мяркуецца, што пасля рамонту туды змогуць засяліцца 1.200 чалавек. Акрамя таго, сёлета плануецца здаць у эксплуатацыю новы інтэрнат, разлічаны больш як на тысячу месцаў.