Metallica і Black Sabbath выдалі агульны дыск

Удзельнікі гуртоў Metallica і Black Sabbath аб'ядналіся ў гонар Дня музычнай крамы, які будзе адзначацца 17 красавіка.
Як паведамляе New Musical Express, музыкі выдадуць сумесны сінгл на вініле. На першы бок кружэлкі трапіць класічная песня Black Sabbath "Paranoid" 1970 года з альтэрнатыўнай версіяй тэксту, а на другім боку будзе прадстаўлена рэмікшыраваная гуртом Unkle версія "Frantic" з альбома Metallica "St. Anger" 2003 года.

Сінгл будзе выдадзены абмежаваным накладам у 1000 асобнікаў, а даступны для пакупнікоў ён будзе толькі 17 красавіка.

Дзень музычнай крамы быў прыдуманы ў 2007 годзе для падтрымкі дробных незалежных музычных дыстрыб’ютараў. З тых часоў ён штогод адзначаецца ў трэцюю суботу красавіка. У гонар гэтага свята шматлікія вядомыя музыкі рэгулярна ладзяць дабрачынныя канцэрты і выпускаюць разнастайныя рэдкія калекцыйныя рэлізы.

Фота: zmemusic.com