Metallica стане хэдлайнерам Ozzfest

Гурт Metallica стане хэдлайнерам папулярнага летняга фэсту Ozzfest, які адбудзецца ў жніўні гэтага года ў амерыканскім Даласе. Сёлетні Ozzfest адзначыцца цікавым новаўвядзеннем: традыцыйны гастрольны тур па гарадах ЗША скароціцца да адзінага канцэрту – 9 жніўня ў даласкім Pizza Hut Park.

Гэтую «мінімізацыю» арганізатары фэсту – Оззі і Шэран Осбарны - кампенсуюць пашырэннем складу ўдзельнікаў: апроч Metallica, на галоўнай сцэне фэсту выступяць запрошаныя Cavalera Conspiracy, Apocalyptica, вакаліст System Of A Down Серж Танкян і франтмэн Korn Джонатан Дэвіс – абодва з сольнымі праектамі.

На другой сцэне ў гэты ж час будуць выступаць Sevendust, DevilDriver, Kingdom of Sorrow, Soilent Green, Witchcraft і Goatwhore.

Вядома, што не абыдзецца і без самога Озі Осбарна – музыка і яго гурт падзеляць з Metallica функцыі хэдлайнера фэсту.

Жонка і менеджэр «Вялікага і жудаснага» Шэран Осбарн растлумачыла, што «з гэтага часу Ozzfest ператвараецца ў фэст стадыённага маштабу". Маўляў, "стадыю балагана, які перасоўваецца, пройдзена і цяпер надышоў час развівацца далей».

Нагадаю, што першы Ozzfest быў праведзены Осбарнамі яшчэ ў 1996-м годзе. З кожным годам фэст развіваўся і станавіўся буйнейшым, ператварыўшыся паступова ў адзін з самых вядомых рок-фэстаў свету.

У розныя гады на сцэне Ozzfest выступалі такія гурты, як Megadeth, Slipknot, System Of A Down, Linkin Park і інш.

Фота: muzyka.gery.pl