Метрычная кніга Ішкальдскага касцёла ўсё ж дастанецца вернікам

Метрычную кнігу Ішкальдскага касцёла выкупілі ў антыквара з Баранавічаў, які спрабаваў прадаць яе праз інтэрнэт-аўкцыён. Кошт гэтай кнігі складаў 3 мільёны рублёў. Збор сродкаў арганізаваў мінскі студэнт Андрэй Радкоў. Дарэчы, адным з ахвяравальнікаў сродкаў стаў амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры. Кнігу ўжо прывезлі ў Мінск. У Метрычнай кнізе ёсць запісы за 1759-1807 гады. Пробашч каталіцкай парафіі ў мінскай Серабранцы а. Ігар Лашук лічыць, што ў ёй можа быць і запіс пра хрост Ігната Дамейкі. Але пры першым аглядзе стала зразумела, што выявіць яго, калі ён сапраўды ёсць, цяжка: почырк не ўсюды разборлівы. Патрэбна праца спецыялістаў. Тым больш, што хрысціць Дамейку маглі не ў ліпені, калі ён нарадзіўся, а ў любы іншы месяц. Таму гэта праца не на пяць хвілін.

Кнігу пакінуць у Мінску, каб адлічбаваць для даследчыкаў. І пастараюцца надаць ёй статус рухомай матэрыяльнай каштоўнасці, каб больш не знікла. Затым яе вернуць у Ішкальдскі прыход, паведамляе “Наша Ніва”.