Міхаіл Грабоўскі застанецца ў аснове “Манрэаль Канадыенс”

Сёння ўначы па беларускім часе ў чарговым матчы НХЛ "Манрэаль Канадыенс" на сваёй пляцоўцы перамог "Бафала Сэйбрс" з лікам 2:0.
Беларус Андрэй Касціцын прымаў удзел у гульні і, больш за тое, стаў сааўтарам пераможнага гала "канадцаў", аддаўшы галявую перадачу Томашу Плеканцу на 14-й хвіліне другога перыяду.

Другі беларус Міхаіл Грабоўскі ўдзелу ў гульні не прымаў. Гэта ўжо трэці паядынак запар, за якім Міхаіл вымушаны назіраць з трыбуны. Тым не менш на днях у яго з'явілася падстава для ўпэўненасці ў заўтрашнім дні: галоўны трэнер "канадцаў" Гі Карбона параіў Грабоўскаму шукаць сталае жыллё ў Манрэалі.

Гэта азначае, што трэнер разлічвае на нашага суайчынніка аж да канца сезону і не мае намеру адпраўляць Грабоўскага ў фарм-клуб.

"Прессбол"