Міхалевіч не рыхтаваў шампанскае загаддзя

Але ўжо задумваўся пра свой выбар паміж парламенцкімі камісіямі. Еўрарадыё ўвесь дзень было побач з кандыдатам у дэпутаты Алесем Міхалевічам. Па Выбарчым заканадаўстве, кандыдат у дэпутаты ў дзень галасавання з’яўляцца на выбарчых участках не мае права. Акрамя аднаго – там дзе ён павінен сам прагаласаваць як звычайны выбарца. Для Алеся Міхалевіча гэта Старавіленскага выбарчая акруга №105 Мінска. Палітык не хаваў, за каго збіраецца аддаць свой голас.

Алесь Міхалевіч: “У мяне на акрузе, дзе я сёння прапісаны, вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Мы з ім разам у спісе Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Буду галасаваць за яго”.

Міхалевіч выглядаў спакойным і нават дзесьці крыху залішне ўпэўненым у сабе. Складвалася ўражанне, што чуткі пра “спіс апазіцыянераў, што патрапяць у Палату прадстаўнікоў”, нібыта ўжо складзеныя Адміністрацыяй прэзідэнта, і ў які ўключаны Міхалевіч, маюць пад сабой цвёрдую глебу.

Алесь Міхалевіч: “Зразумела, калі я прайду, то буду вельмі задаволены. Бо гэта магчымасць для далейшай інфармацыйнай працы з людзьмі. Іншая рэч, што я ўпэўнены, што ні ў якія спісы, створаныя ўладай, я, пакуль што, не ўваходжу”.

Нягледзячы на гэта, як прызнаўся Еўрарадыё Алесь Міхалевіч, ён ужо прыкідваў у якую дэпутацкую камісію хацеў бы “патрапіць”. Кажа, вагаецца паміж дзвюма – камісіяй па нацыянальнай бяспецы і камісіяй па адукацыі і медыцыне. Праўда, загадзя шампанскае, каб адзначыць перамогу, не рыхтаваў. Па-першае, каб не сурочыць, а па-другое – бо не ўжывае алкаголю.

Хоць сам палітык выбарчыя ўчасткі сваёй акругі ў дзень выбараў не наведваў, там былі яго давераныя асобы. Адзін з іх, Андрусь Клікуноў, паведаміў Еўрарадыё пра парушэнні, якія ён заўважыў прыйшоўшы галасаваць. Як высветлілася, сябры камісіі давалі выбарцам для галасавання непадпісаныя бюлетэні.

Андрусь Клікуноў: “Кажу ім, чаму так і ў чым праблема. У іх разгубленыя твары, самі нібыта здзіўляюцца таму, як такое магло здарыцца, спрабуюць знайсці падпісаны бюлетэнь, канкрэтна той мужчына, у якога я быў, але безвынікова – у яго ўсе бюлетэні непадпісаныя. Тады цёценька за суседнім сталом з-пад самага нізу свайго стосу бюлетэняў, у яе таксама ўсе былі непадпісаныя, дастае адзін і дае мне, замест непадпісанага”.

Па словах даверанай асобы Міхалевіча, падчас падліку такія непадпісаныя бюлетэні прызнаюцца несапраўднымі. Ён звярнуўся да старшыні камісіі, але яна запэўніла, што гэта выпадковасць і яе тэрмінова выправяць. Праўда, потым давераныя асобы палітыка заўважылі такія ж парушэнні і на іншых участках.

Наступнае кантрольнае тэлефанаванне “верагоднаму” дэпутату ад апазіцыі было каля 22 вечара. У гэты час павінны былі з’явіцца папярэднія вынікі галасавання. На пытанне, якая сітуацыя з галасамі ў яго, палітык адказаў жартам.

Алесь Міхалевіч: “Хутчэй за ўсё, ганаровае трэцяе месца”…

Як раніцай стала вядома ні адзін з кандыдатаў ад апазіцыі не прайшоў нават у другі тур галасавання.