Мікалай Лазавік пацярпеў за "супердэмакратычнасць"

"Падзея для мяне прадказальная, калі зыходзіць з палітыкі тых спадароў, якія прымалі чарговы спіс".  Так сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік пракаментаваў "Салідарнасці" сваё трапленне ў "чорны спіс" Еўрасаюза. Складальнікі спісу, на яго думку, "на самай справе падтрымліваюць праціўнікаў дэмакратыі".

Лазавік адразу ж выразна размежаваў тых, хто "за" дэмакратыю, і хто — "супраць".

"Менавіта арганізатары выбараў і ўлады ў цяперашні час з'яўляюцца сапраўднымі прыхільнікамі дэмакратыі, праваднікамі дэмакратыі ў жыццё. На ўсіх этапах выбарчай кампаніі кіраўніцтва краіны прадэманстравала сваю супердэмакратычнасць, звышдемакратычнасць. Былі і праціўнікі дэмакратыі. Гэта апазіцыянеры, грантасмокі, для якіх чым горш у краіне, тым лепш”, — заявіў сакратар ЦВК.

Зыходзячы з прыведзеных высноваў, трапленне ў "чорны спіс" Лазавіка "не здзіўляе". "Я ў ім сталы кліент", — канстатаваў ён.