Мілану Міхалевіч "папрасілі" не ехаць у Брусэль і Варшаву

Арыштаваны экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч учора затэлефанаваў сваёй жонцы. Гэта здарылася каля 19-й гадзіны, расказвае Мілана Міхалевіч. Ён засцерагаў яе ад выступу на слуханнях у польскім Сойме. З яе словаў, "гэта быў ягоны голас, але ён гаварыў не сваімі словамі", паведамляе "Наша Ніва"
Мілана  мяркуе, што размова запісвалася.

Алесь папрасіў, каб Мілана "не ехала ў Брусэль". "Калі ты будзеш сябе паводзіць, як належыць і не паедзеш у пэўныя месцы, то ты цягам тыдня зможаш яшчэ раз пачуць мой голас", — сказаў ён.

"Я не магла пазнаць свайго мужа, — кажа Мілана, ледзь не плачучы. — Гэта быў ягоны голас, але не ягоная манера размаўляць"
.

Праз нейкі час прагучаў трэці званок:

"Даруй, сонейка, я памыліўся, — сказаў Міхалевіч. — Не ў Брусэль, а ў Варшаву".


Са словаў Міланы, было добра чуваць, што побач стаіць чалавек, які падказвае яе мужу, што гаварыць. "Лучшэ не ехать", — выразна пачула яна.

"Я задавала пытанні, на якія Алесь маўчаў", — расказвае Мілана. Ён сказаў, аднак, што ведае, што Рымашэўскага выпусцілі. На пытанне адносна дзіўных пераводаў яго з СІЗА КДБ на Валадарку і назад, што "ў турме КДБ я забыў толькі некаторыя рэчы".

Што яны з табой зробяць, калі я не буду маўчаць? — запыталася Мілана ў мужа пры канцы.

    — Горшага, чым ёсць, са мной ужо не зробяць, — уздыхнуў Алесь. — Калі цягам тыдня ад мяне не будзе ніякіх вестак, рабі ўсё, — паспеў сказаць ён.

Мілана Міхалевіч да ранку думала, а ўранку вырашыла: "У Варшаву паеду і буду выступаць".

Яна кажа, што за ноч абмеркавала некаторыя пытанні асабістай бяспекі са сваякамі.

Мілана вымушана бярэ ў Варшаву і меншую дачку, якой толькі годзік.

Мілана Міхалевіч кажа, што пытанне пра паездку на слуханні ў Варшаву абмяркоўвала праз скайп, але таксама праз тэлефон. Едзе яна туды на запрашэнне Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Нумар тэлефона, з якога званіў Алесь, сёння, са словаў Міланы, не адказвае. Гэта стацыянарны нумар тэлефона, зарэгістраваны па адрасе КДБ.

Выглядае, што КДБ мае задачу правесці лініі расколу як паміж абвінавачанымі, так і паміж сваякамі. Адных адпусцілі пад падпіску пра нявыезд, другіх вабяць той самай перспектывай.

Мілана Міхалевіч належыць да Камітэту "Вызваленне", у які аб’ядналіся сваякі палітвязняў.

Некаторыя з іх маюць выступаць сёння на слуханнях у Еўрапарламенце.