Міліцыя не будзе перашкаджаць сустракаць Новы год з феерверкамі

Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік аддзела інфармацыі мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі:
"Супрацоўнікі міліцыі разумеюць, што феерверкі ўпрыгожваюць свята. Будзе шмат людзей, масавыя гулянні. Але наша задача не замінаць людзям і хадзіць і тыкаць у кодэкс: вось вы парушаеце закон, давайце хавайце свае петарды і ідзіце спаць. Не будзе такога! Наша мэта, каб грамадзяне маглі нармальна адпачываць і святкаваць, але каб выкарыстанне піратэхнікі не нанесла ім шкоды".

Але ж міліцыя будзе праводзіць прафілактычныя размовы, каб людзі ахайна карысталіся піратэхнікай і не падрывалі петарды ў натоўпе. Калі чалавек ніяк на іх не будзе рэагаваць, то яго могуць пакараць. А гэта ад 70 тысяч да мільёна рублёў ці нават арышт да 15 сутак за несанкцыянаванае выкарыстанне піратэхнікі. А калі затрымаюць дзіця, то прыцягнуць да адказнасці бацькоў. Ім могуць даць папярэджанне ці штраф да 700 тысяч.