Міліцыя: "Падазроны ў выбуху" — гэта толькі фармальнасць

Аляксандра Корыка затрымлівалі менавіта як падазронага ў датычнасці да выбуху ў Мінску. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі.  Прадстаўнік праваахоўных органаў раіць не рабіць паспешлівых высноваў з гэтага статусу. Па словах А.Ластоўскага, "падазроны ў выбуху" — гэта толькі фармальная назва.

Ластоўскі: Афіцыйны яго статус быў — “падазроны ў выбуху”. Разумееце, артыкул гучны, але варта рабіць акцэнт не на яго непасрэдным дачыненні, а на тым, што проста так гучыць артыкул.

Нагадаем, што 21-гадовы А.Корык раней працаваў у фірме "Владпродимпорт", якая пастаўляла ў Беларусь сок "Садочак". Затрымалі яго пасля таго, як малады чалавек сам прыйшоў у міліцыю. А.Корык паведаміў міліцыянтам, што незадоўга да 4 ліпеня бачыў групу маладых людзей, якія казалі пра будучы выбух.