Міліцыя разагнала "Акцыю любові" ў Мінску

Несанкцыянаваная акцыя "Маладога фронту", прысвечаная Дню святога Валянціна, была жорстка спынена міліцыяй, збілі Змітра Дашкевіча. Каля 100 чалавек узялі ўдзел у вулічнай акцыі, прысвечанай Дню святога Валянціна, якую вечарам 14 лютага ў Мінску арганізавалі маладафронтаўцы. Нагадаем, гарадскія ўлады не далі дазволу на яе правядзенне. Аднак арганізатары збіраліся правесці святкаванне ў заяўленым фармаце: сабрацца на плошчы Якуба Коласа і пасля невялікага перфоманса накіравацца да плошчы Свабоды.

У вызначаны час на плошчы сабраліся каля 50 чалавек з белымі і чырвонымі паветранымі шарамі, бел-чырвона-белым сцягам, сцягамі ЕС і "Маладога фронту". Яны раздавалі сцяжкі з сімволікай арганізацыі і надпісам "Акцыя любові". Былі разгорнутыя транспаранты "Акцыя любові" і "Малады фронт". Маладыя людзі скандавалі "Жыве Беларусь!".

Пасля таго, як калона моладзі рушыла ў бок плошчы Свабоды, шлях ёй перакрылі міліцыянты, якія жорстка разагналі ўдзельнікаў акцыі. Як паведамляе БелаПАН, быў жорстка збіты лідэр "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч. Інфармацыі пра затрыманых няма.







Фота - bymedia.net