Мілінкевіч: "Праз год могуць прызначыць новыя прэзідэнцкія выбары"

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч даў адказ на матэрыял Еўрарадыё і ўпэўніў, што ставіцца абыякава да гэтых прэзідэнцкіх выбараў ён ніякім чынам не збіраецца. А гаворачы пра “выбары, прызначаныя пасля сыходу ўлады”, не меў на ўвазе 2015 год. Еўрарадыё: Вашыя словы наконт таго, што “трэба рыхтавацца не столькі да гэтых выбарах, сколькі да тых, якія будуць прызначаныя пасля таго, як улада вымушана будзе сыйсці”, былі зразуметыя намі так, што вы рыхтуецеся больш да выбараў, да прыкладу, 2015 года, чым да бліжэйшых. Чаму вы лічыце, што ўрад сыйдзе ў адстаўку?

Аляксандр Мілінкевіч: Я казаў некалькі не так. Я кажу, што на кожных выбарах трэба змагацца. Я гэта дэманстраваў сам асабіста. Нават калі не лічаць галасы, трэба ісці да людзей і мабілізаваць іх. Гэта абавязкова. Я казаў пра тое, што мы мусім думаць і пра гэтыя выбары, і пра тыя, наступныя. І не 2015-2020 года. Выбары могуць здарыцца і праз поўгода, могуць здарыцца праз год.

І чаму яны могуць здарыцца так хутка?

— Бо крызіс вялікі ў краіне, эканамічны крызіс. Шалёны ціск Масквы. І ўсё гэта можа прывесці да таго, што сённяшні ўрад, Лукашэнка адыйдуць. І тады распісываюцца новыя выбары. Я пра іх кажу. Мы павінны да іх рыхтавацца сёння. Кожны дзень. Нават удзельнічаючы ў гэтых выбарах. І ў тых выбарах трэба будзе ўжо перамагаць у адкрытай барацьбе. У дэмакратычных, альбо поўдэмакратычных умовах. І вось пытанне: “Ці сённяшняя апазіцыя, такая пасвараная, разваленая, не маючая адзінага кандыдата, ці яна ў стане выйграць у наменклатуры? У маскоўскага кандыдата?” Я пра гэта кажу.

Вы лічыце сябе лідэрам прабеларускіх праеўрапейскіх сіл у Беларусі. Што тычыцца прабеларускасці, то тут усё зразумела — вы за суверэнную дзяржаву змагаецеся. Еўропа апошнія два-тры гады кажа, што рэжым Лукашэнкі можа ў пэўным сэнсе трансфармавацца. Рух "За свабоду", як праеўрапейскі, таксама лічыць, што беларускі рэжым здольны да трансфармацыі?

— Я не буду апраўдваць Еўропу — яна не дасканалая. І не адзіная ў сваіх поглядах і падыходах. І калі я кажу пра еўрапейскі шлах, гэта не значыць, што трэба сабраць беларусаў і весці некуды ў Брусэль. Гэта не азначае, што трэба быць лаяльным да Еўропы. Калі я кажу пра еўрапейскі шлях Беларусі, я кажу пра тое, каб ісці да стандартаў жыцця. Мы застаемся тут, на месцы. Але хочам пабудаваць і дзяржаву, і грамадзянскую супольнасць. І Канстытуцыю мець такую, як у дэмакратычных краінах. Я пра гэта кажу. І калі не будзе ў нас такіх умоваў жыцця, справядлівага грамадства. Я ніколі не буду талерантным да рэжыма, калі ў нас у турмах сядзяць палітвязні, калі прыніжаецца годнасць чалавека, калі тармозіцца развіццё Беларусі — мы маглі быць зусім на іншым узроўні.

А дыялог з гэтым рэжымам магчымы?

— А дыялог патрэбен. Бо ў Беларусі жыве не толькі Лукашэнка — у Беларусі яшчэ жыве амаль 10 мільёнаў беларусаў. І калі не праводзіць гэты дыялог, то мы ўсе прызямлімся на парашуце ў Смаленскай вобласці ў Расіі.