Мінабароны Беларусі абвяргае інфармацыю пра продаж у Турцыю С-300

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае інфармацыю, якая з'явілася ў турэцкіх СМІ, пра тое, што Турцыя мае намер набыць у нашай краіне зенітна-ракетныя комплексы С-300, С-300В і "Тор" для патрэбаў абарончай прамысловасці гэтай краіны.
Нагадаем, турэцкая газета Today's Zaman паведаміла, што пускавыя ўстаноўкі будуць набытыя ў Беларусі і Украіны за 100 млн долараў. Іх выкарыстаюць для адпрацоўкі тактыкі падаўлення сістэмаў супрацьпаветранай абароны краін, на ўзбраенні якіх ёсць аналагічныя ўзоры.

Аднак кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменьчык катэгарычна абверг саму магчымасць продажу Беларуссю падобнага ўзбраення за мяжу:

"Гэта поўная бязглуздзіца. На розных сайтах увесь час з'яўляецца падобная інфармацыя, і мне не хопіць ніякага часу, каб усе гэтыя выдумкі каментаваць".

Паводле словаў кіраўніка прэс-службы Мінабароны, Беларусь не мае падобнага ўзбраення для продажу.