Мінадукацыі: Заробкі ў 500 долараў не маглі не адбіцца на кошце адукацыі

Новы міністр Сяргей Мацкевіч не выключае, што плата за навучанне будзе расці і далей: у адукацыйным кодэксе ліміт павышэння за год не прапісаны. Замест 50 нарматыўна-прававых дакументаў, якія рэгулявалі сістэму адукацыі Беларусі, цяпер з’явіўся адзін цэласны дакумент. Да верасня Кодэкс аб адукацыі павінен набыць сілу, адзначыў падчас прэс-канферэнцыі міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Сяргей Маскевіч: “Такіх прыкладаў больш у свеце няма — каб усё, што звязана з рэгуляваннем адносінаў у сферы адукацыі, было кадыфікавана ў выглядзе аднаго дакумента. У нас такім чынам з’явілася адукацыйнае права”.

У Кодэксе няма нейкіх прынцыповых, сістэмных новаўвядзенняў, падкрэсліў спадар Маскевіч:

“На дадзеным этапе нам трэба спыніцца, не праводзіць нейкіх сур’ёзных рэформаў, а паспрабаваць папрацаваць над якасцю адукацыі на кожнай ступені. Ніякіх пажарных мераў цяпер прымаць няма ніякай неабходнасці. Ні на адным этапе не бачна нейкіх сур’ёзных праблем, якія патрабуюць сур’ёзнага ўмяшання і рэагавання”.

Нагадаем, заснавальнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, былы прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў у інтэрв’ю Еўрарадыё выказваў меркаванне, што для вышэйшай адукацыі новы закон азначае дэградацыю:

“Адукацыйны кодэкс — даволі рэдкая форма, большасць краінаў абыходзіцца без яго. На мой погляд, ён фіксуе той статус-кво, які існуе ў беларускай сістэме адукацыі цяпер. Ён не прадугледжвае ніякіх зменаў або развіцця гэтай сістэмы, а толькі замацоўвае той крызісны стан, у якім яна цяпер знаходзіцца.

Гэты Кодэкс прадстаўляе сабой недарэчны анахранічны дакумент, які не мае ніякіх адносінаў да той перспектывы, якая афіцыйна пазначана як "далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу".



Праблема “ўцечкі мазгоў”.


На прэс-канферэнцыі ўзнялі пытанне таго, што шмат маладых перспектыўных навукоўцаў з’язджаюць у Еўропу. Ці мяркуецца павялічыць фінансаванне навукі, асабліва маладых перспектыўных навукоўцаў, каб яны засталіся ў краіне?

Міністр адукацыі бачыць рашэнне пытання ў развіцці кантактаў ВНУ з прамысловасцю і рэальным сектарам эканомікі. Але нават калі мы павялічым бюджэтнае фінансаванне адукацыі, мы не спынім адток, мяркуе Сяргей Маскевіч. У нас вялізны дэфіцыт спецыялістаў, але людзі з’язджаюць. Чыноўнік заклікае ставіцца да гэтага спакойна.

Сяргей Маскевіч: “Мы ў гэтым будзем бачыць магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю, паспрабаваць сябе. Чаму мы не забараняем нашым спартоўцам ехаць выступаць у НХЛ, ганарымся, кажам — вось, Касціцын забіў шайбу! І ў гэтай сферы будзем казаць пра нашых жа людзей, якія паспяхова там асвойваюць… Мы ніколі не зможам стварыць дастатковую колькасць месцаў у краіне па ўсіх накірунках. Я думаю, што да гэтага трэба ставіцца спакойна. Гэтыя людзі абавязкова мусяць адчуваць, што яны нашы. А мы павінны ганарыцца”.

Тым не менш, фінансаванне на гэты і бліжэйшыя гады істотна прырасце, дадаў начальнік упраўлення прававой і аналітычнай працы Міністэрства адукацыі Анатоль Кучынскі.
“Фінансаванне сістэмы адукацыі сёлета плануецца не менш за 6% ВУП. Гэта істотны прырост (на 47%)”.


Кошт аплаты за адукацыю.

Павышэнне аплаты за адукацыю новы міністр звязаў з падвышэннем заробкаў. Не выключана, што плата будзе расці і далей, дадаў ён. У Кодэксе ліміт павышэння за год не прапісаны.

Сяргей Маскевіч: “У дадзеным выпадку павышэнне звязанае выключна з павышэннем стаўкі першага разраду, выдаткаў на аплату працы. Мера, вызначаная дакументамі, якія былі прынятыя на Усебеларускім з’ездзе пра план выхаду на заробак у 500 долараў, і ўсе рашэнні, што былі прынятыя ў гэтым плане, натуральна, адбіліся і на гэтым”.

Зразумела, што і платная адукацыя будзе даражэць, як і ва ўсім свеце. Выдаткі на адукацыю ўзрастаюць, іх кампенсуюць і тыя, хто плаціць сам, дадаў Маскевіч.