Мінчук забіў аднаго з хуліганаў і параніў другога

У выніку бойкі, якая адбылася паміж маладымі людзьмі 21 жніўня ў Мінску, адзін чалавек забіты і адзін паранены. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на праваахоўныя органы. Цела забітага мінчука знайшлі ўначы на вуліцы Адзінцова. Другі пацярпелы быў дастаўлены ў лякарню з нажавым раненнем жывата. Як высветлілася пазней, гэтыя двое прыставалі да трэцяга хлопца. Той спачатку спрабаваў ад іх уцячы, а затым аказаў актыўны супраціў.

Маладога чалавека затрымалі. На яго пачалі крымінальную справу за забойства. Аднак у праваахоўных органах не выключаюць, што дзеянні хлопца могуць быць расцэненыя як неабходная абарона.