Мінгарвыканкам дасць ільготы нелегальным гандлярам?

Кіраўнік Мінгарвыканкама даручыў стварыць такія ўмовы, каб бабкі-гандляркі з пераходаў пайшлі легальна гандляваць на рынкі. На рынках пра такія ўмовы чуюць упершыню Мінгарвыканкам прыстрашыў нелегальных гандляроў праз інфармацыйныя агенцтвы: хутка будзе актывізавана барацьба з гандлем у непрызначаных для гэтага месцах! Адпаведныя даручэнні накіраваны ў падатковую і міліцыю. Зараз на рынках сталіцы больш за 600 вольных месцаў — вось куды павінны перайсці гандляры-нелегалы, лічыць выканаўца абавязкаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Аднак паколькі такой дзейнасцю часцяком займаюцца пенсіянеры і людзі з невысокім дастаткам, ён даручыў распрацаваць дадатковыя стымулы для іх пераходу на рынкі.

На рынках пра гэтыя стымулы пакуль што не чулі. У службе арганізацыі рынкавага гандлю Камароўскага рынку Еўрарадыё адказалі, што ніякіх дакументаў пра ільготныя месцы для пенсіянераў да іх не даходзілі.

Супрацоўнік Камароўкі: "Мы дзейнічаем толькі пасля таго, як дакумент прыняты. А тое, што кажуць, — гэта кажуць. Мы на падставе слоў не маем права даваць ільготы".

Свабодныя месцы на Камароўцы ёсць заўсёды, але яны толькі для тых, хто гандлюе харчовымі таварамі, а бабцям, якія прапаноўваюць хусткі ці шкарпэткі, давядзецца ездзіць на іншыя рынкі.

Супрацоўнік Камароўкі: "У нас харчовы рынак, таму для хустак і іншага ў нас няма месцаў. То бок, калі якой-небудзь бульбай гандляваць, то калі ласка. Зараз абанемент на месяц каштуе 600 тысяч рублёў. Калі арандаваць месца на дзень, то гэта дзесьці 23-25 тысяч".

Не вельмі ільготныя кошты, асабліва для пенсіянераў. Атрымоўваецца, каб толькі акупіць гэтае месца, трэба прадаць па сярэдніх коштах 15 кілаграмаў бульбы (1,5 тыс/кг) ці 10 кіло памідораў (3 тыс/кг). Ці здолее бабулька прыцягнуць на сабе больш, каб атрымаць прыбытак?

Супрацоўніца аддзела арганізацыі гандлю Мінгарвыканкама Ларыса Камарова вельмі здзівілася, што Еўрарадыё ўвогуле зацікавілася гэтым пытаннем. Рэч у тым, што старшыня выканкама ўвесь час даручае "весці барацьбу" з нелегальнымі гандлярамі.

Ларыса Камарова: "Барацьба — гэта вельмі гучна сказана (смяецца). Было чарговае даручэнне Галоўнаму упраўленню ўнутраных спраў і Падатковай інспекцыі. Гэта ўвесь час даручаецца, проста перыядычна даручэнні паўтараюцца".

Але людзі ўсе адно не жадаюць гандляваць на рынках. Усім ахвота каля пад'ездаў, каля выхаду з метро, на прыпынках, кажа спадарыня Камарова. У Мінску — 21 рынак, ёсць вольныя месцы, але народ не жадае.

А што робіцца для таго, каб выклікаць гэтае жаданне? — спытала Еўрарадыё ў Ларысы Камаровай.

Ларыса Камарова: "Толькі даручылі, а вы хочаце каб я вам адразу дала адказ, якія будуць стымулы. Неабходны час, каб нашыя органы гэта адпрацавалі".

Колькі патрэбна часу, Ларыса Камарова адказаць не змагла.

А пакуль што, як і ранней, міліцыя ганяе бабак у пераходах, а самых упартых штрафуе, кажа прэс-сакратар Савецкага РУЎС Мінска Вольга Яскевіч.

Вольга Яскевіч: "У Адміністратыўным кодэксе за гэта прадугледжаная адказнасць — за парушэнне правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў. Калі яны сваімі таварамі загрувашчваюць праход грамадзянам ці яшчэ як псуюць знешні выгляд гораду, яны падлягаюць штрафу ад 4 да 25 базавых велічынь".

Гэта значыць, што з гандляра-нелегала могуць спагнаць ад 140 да 875 тысяч рублёў. Прыкладна столькі, колькі каштуе месячны гандаль на рынку.

Фота — стыдыі "Лувр"