Мінгарвыканкам знайшоў-такі сродак спыніць “Рух наперад”

З дапамогай юрыдычных хітрыкаў Мінгарвыканкам дамогся таго, каб Гаспадарчы суд Мінску паставіў пад сумнеў дамову на арэнду офіса даследча-асветніцкай установы Ўладзіміра Някляева “Рух наперад”. Падчас паседжання 29 ліпеня было прынятае рашэнне лічыць дамову пра арэнду юрыдычна нікчэмнай. Пра гэта Еўрарадыё расказала намесніца дырэктара “Руху наперад” Ніна Пахлопка.

Пахлопка: “Падчас суда, не пазнаёміўшы нас з тым, што фармулёўка пазову змянілася, суд прыняў рашэнне разглядаць іншую фармулёўку – прызнаць дамову аб арэндзе нікчэмнай”.

Нагадаем, спачатку Мінгарвыканкам патрабаваў прызнаць дамову аб арэндзе памяшкання пад офіс установай “Рух наперад” несапраўднай. Нібыта пад офіс арандуецца памяшканне, якое на плане пазначана як “гандлёвая зала”. Але паводле плана памяшкання офіс знаходзіўся ў адміністрацыйнай частцы. “Дапамагчы” разабрацца з гэтымі непаразуменнямі чыноўнікі выканкама папрасілі супрацоўніцу кадастравага агенцтва, кажа спн.Пахлопка.

Пахлопка: “Усё памяшканне, якое належыць арэндадаўцы, а гэта калі тысячы квадратных метраў, у тэхпашпарце пазначана як “гандлёвае памяшканне”. Але яны здаюць гэта памяшканне часткамі – банку, краме Zara, нам, яшчэ некаму. І на нашым кавалку напісана “адміністрацыйнае памяшканне". Але гэта суд не прыняў да ўвагі. Маўляў, калі гэта гандлёвае памяшканне, то там толькі гандаль павінен быць”.

Па яе словах, і арэндадаўца, і “Рух наперад” цікавіліся ў прадстаўнікоў Мінгарвыканкама, калі чакаць такога ж пазову супраць арэнды памяшкання “Дэльта-банкам”. Але тыя толькі казалі, што іх і сённяшняй справы гэта не тычыцца.

Цяпер “Рух наперад” рыхтуе касацыйную скаргу на рашэнне суда. Будуць абскарджваць і нечаканую змену фармулёўкі пазову, і тое, што прадстаўніца кадастравага агенцтва карысталася не законамі, а невядомымі падзаконнымі актамі і пастановамі. Але будучыню для сваёй арганізацыі Ніна Пахлопка прагназуе сумную.

Пахлопка: “Праз 15 дзён набывае моц сённяшняе рашэнне. І следам ідзе разгляд апеляцыйная скарга Мінгарвыканкама па першай справе, якую мы выйгралі. Тады суд адмяняе сваё першае рашэнне з-за таго, што дамова прызнана нікчэмнай, і нас пазбаўляюць рэгістрацыі”.

Аўтаматычнае перастае існаваць установа “Рух наперад”. А як вядома менавіта яна з’яўляецца заснавальнікам грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”