Міністэрства адукацыі: Студэнты-мэтавікі будуць адпрацоўваць 5 гадоў

Пяць гадоў павiнны будуць адпрацаваць на канкрэтнага наймальнiка абiтурыенты, якiя плануюць паступаць сёлета на навучанне ў ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкi.
Пра гэта паведаміў намеснiк мiнiстра адукацыi нашай краiны Аляксандр Жук, піша “Звязда”.

Паводле яго слоў, тэрмiн адпрацоўкi будзе складацца з тэрмiну працы па размеркаваннi, вызначанага заканадаўствам (гэта два гады) i тэрмiну працы па дамове, заключанай памiж наймальнiкам i абiтурыентам (не менш як тры гады).

Для iншых выпускнiкоў, якiя будуць навучацца на бюджэтных месцах без мэтавых накiраванняў, усё засталося нязменным: пасля заканчэння навучання яны павiнны будуць адпрацаваць па размеркаваннi два гады.

Не закране новаўвядзенне i тых "мэтавiкоў", якiя заключалi дамовы на сваё навучанне ў папярэднiя гады.