Міністр аховы здароўя разбіраецца, чаму не дапамаглі хвораму хлопчыку

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко ўзяў пад асабісты кантроль сітуацыю з 13-гадовым Антонам Дабрасельскім. "Я загадаў усё праверыць і даць мне адказ пра мэтазгоднасць рашэння камісіі па гэтым хлопчыку", - цытуе словы міністра БелаПАН.
Як ужо паведамляла Еўрарадыё, некалькі гадоў таму ў юнага жыхара Гомелю Антона Дабрасельскага была выяўленая невылечная хвароба - дылятацыйная кардыяміяпатыя. Гэта хвароба, пры якой сардэчная мышца пераўтвараецца ў злучальную тканку, сэрца хутка павялічваецца ў памеры і наступае лятальны канец.

Каб даць дзіцяці шанс выжыць, у лістападзе 2007 года была зроблена ўнікальная для Беларусі аперацыя. Падчас аперацыі на сэрца апранулі сеткавы каркас, які дазваляе замарудзіць рост сэрца.

Вядома, гэтая аперацыя не вылечвае, але яна дае час на арганізацыю іншай аперацыі - па перасадцы сэрца. Аперацыі па трансплантацыі сэрца ў цяперашні час у Беларусі не робяцца. Паспяхова такія аперацыі ўжо амаль 30 гадоў робяцца ў Нямеччыне, але яны каштуюць вельмі дорага.

Сёлета камісія Міністэрства аховы здароўя па накіраванню грамадзян Рэспублікі Беларусь на кансультацыю альбо лячэнне за межы краіны прыняла рашэнне: накіраванне на лячэнне за мяжу Антона Дабрасельскага лічыць немэтазгодным.

Аднак Міністэрства здароўя дазволіла адкрыць дабрачынны рахунак для паступлення грошай на лячэнне Антона Дабрасельскага.