Мінск святкуе Дзень горада

13 верасня мінчукі і госці беларускай сталіцы адзначаюць Дзень горада. Як паведамляе БелаПАН, большасць агульнагарадскіх мерапрыемстваў ладзіцца ў раёне праспекта Пераможцаў. Каля Мінскай ратушы прайшла цырымонія ўручэнне ўзнагарод конкурсу "Мінчук года". Гэтае званне сёлета атрымалі 13 жыхароў сталіцы. Тутсама ў 17.00 пачнецца свята духоўнай музыкі, а ў 19.00 — свята оперы.

Каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў ладзіцца свята мёду з дэгустацыяй, конкурсамі, віктарынамі, канцэртам. У зялёнай зоне паблізу гатэля "Планета" адбываецца дзіцячае свята. У Траецкім прадмесці на набярэжнай рэкі Свіслач — выстава-продаж "Горад майстроў".

На пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі прадпрыемства горада цэлы дзень дэманструюць сваю прадукцыю. Тут таксама адбудзецца святочны канцэрт. Шэраг музеяў горада будуць прымаць наведвальнікаў уначы з 13 на 14 верасня да 4.00.

Канцэрт "Новыя песні аб Мінску" пачнецца ў 17.00 на эстраднай пляцоўцы ў Парку дружбы народаў на плошчы Бангалор. У парку імя 50-годдзя Кастрычніка ладзіцца фэст творчых калектываў нацыянальных дыяспар горада.

Завершацца святочныя мерапрыемствы феерверкам каля стэлы "Мінск — горад-герой". Ён пачнецца ў 22.00 і працягнецца 20 хвілін.