Мінск зноў будзе падтоплены залевамі?

Па прагнозах сіноптыкаў, у бліжэйшыя суткі чакаецца гарачае надвор'е з моцнымі дажджамі і навальніцамі, а таксама, магчыма, градам. Як паведамілі БелаПАНу мінскія даішнікі, падчас залеваў магчымае затапленне праезнай часткі на некаторых вуліцах. Найбольш небяспечнымі ў гэтым плане даішнікі называюць плошчу Перамогі, вуліцу Інтэрнацыянальную, плошчу Ванеева, вуліцу Запарожскую. У лік небяспечных увайшлі атксама скрыжаванні вуліц Чарвякова і Кахоўскай, праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна, праспекта Дзяржынскага ў раёне плошчы Багушэвіча і 2-га завулка Розы Люксембург, вуліц Янкі Купалы і Інтэрнацыянальнай, вуліц Янкі Купалы і Куйбышава, вуліц Чыгуначнай і Ўманскай, праспекта Пераможцаў і вуліцы Ігнаценкі, праспекта Пераможцаў у раёне Палаца спорту, праспекта Пераможцаў і вуліцы Тарханава, вуліц Леніна і Ўльянаўскай, вуліц Арлоўскай і Цімашэнкі. Магчымае падтапленне і іншых вуліц і праспектаў, якія знаходзяцца ў нізкіх месцах.

Да магчымых падтапленняў у Мінску рыхтуюцца і выратавальнікі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.

Віталь Навіцкі: "Месцы магчымых падтапленняў усе вядомыя. Яны вядомыя ўсім - і камунальным службам, і ДАІ, і нам. А МНС - служба пастаяннай гатоўнасці. Можа быць, вы прыгадаеце: калі была папярэдняя моцная залева ў ліпені, на пераход на ўзмоцнены варыянт нясення службы спатрэбілася 20-25 хвілінаў".

Нагадаем, што летась пры ліпеньскіх залевах на некалькі гадзінаў быў затоплены цэнтр сталіцы.