Мінскае "Дынама" ў матчы чэмпіяната КХЛ прайграла маскоўскаму ЦСКА

Мінскае "Дынама" атрымала трэцюю паразу запар у матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. 5 лютага дынамаўцы на "Мінск-Арэне" прайгралі маскоўскаму ЦСКА з лікам 2:4, паведамляе “БелТА”. На трэці перыяд каманды выходзілі, калі на табло гарэлі лічбы “1:1”. Але за некалькі хвілінаў да канца матча дынамаўцы ўжо праігравалі 2:3. Трэнер "Дынама" Аляксандр Андрыеўскі паспрабаваў выратаваць гульню і двойчы замяняў галкіпера Андрэя Мезіна палявым гульцом. Але фінальны штурм не прынес плёну. Наадварот, у пустыя вароты дынамаўцы прапусцілі яшчэ адзін гол.

Нягледзячы ні на што, 5 лютага на матчы быў адноўлены рэкорд наведвальнасці хатніх матчаў мінскіх дынамаўцаў. На "Мінск-Арэне" прысутнічала 11342 гледача.

На рахунку мінскага "Дынама" пасля 52 матчаў чэмпіяната КХЛ засталося 59 ачкоў (15 перамог у асноўны час, 1 у авертайме, 5 па булітах, 2 паразы па булітах і 29 няўдач у асноўны час, розніца шайб 127-152). Падапечныя Аляксандра Андрыеўскага займаюць 11 месца ў Заходняй канферэнцыі і 19 сярод 24 клубаў у агульнай табліцы чэмпіянату КХЛ.

Яшчэ ў мінулым туры, за 5 матчаў да фінішу рэгулярнага сезона, дынамаўцы страцілі шанцы на выхад у плэй-офф.