Мінскае "Дынама" выйграла ў "Трактара" ў матчы чэмпіянату КХЛ

У чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі мінскае "Дынама" спыніла бязвыйгрышную серыю, якая дасягнула чатырох матчаў. 24 лістапада ў сталічным Палацы спорту каманда Васіля Спірыдонава выйграла ў чалябінскага "Трактара" з лікам 3:2 (2:2, 1:0, 0:0). За 28 секундаў да канца трэцяга перыяду "Трактар" замяніў варатара шостым палявым гульцом, але гэта не прынесла камандзе поспеху. Такім чынам, дынамаўцы ўзялі рэванш за паразу на пляцоўцы суперніка 17 лістапада (2:5).

Пасля гэтай перамогі "Дынама" перамясцілася з 23-га на 22-е месца ў агульнай табліцы КХЛ. Пасля 28 матчаў на рахунку каманды 25 ачкоў (6 перамог у асноўны час, 1 у авертайме, 1 па булітах, 2 паразы па булітах, 1 параза ў авертайме, 17 у асноўны час, 56 закінутых і 98 прапушчаных шайбаў).

Наступны паядынак менскі клуб правядзе дома 27 лістапада супраць "Салавата Юлаева" з Уфы. Сустрэча з чэмпіёнам Расіі 19 лістапада ў сталіцы Башкартастана завяршылася перамогай гаспадароў — 3:1.

БелаПАН