Мінскія каталікі пройдуць працэсіяй у гонар Свята Божага Цела

На 14 чэрвеня ў Мінску прызначаная працэсія з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Другая і больш пашыраная назва — Свята Божага Цела. Традыцыйна каталікі адзначаюць яго ў чацвер пасля Тройцы. На 9 гадзінаў раніцы прызначаная імша ў касцёла святога Роха на Залатой Горцы. А потым ад касцёла працэсія пройдзе па вуліцы Казлова, па тратуары праспекта Незалежнасці, па вуліцах Берсана, Валадарскага, Інтэрнацыянальнай і завершыцца каля архікатэдральнага касцёла на плошчы Свабоды.

Урачыстасць працэсіі будуць надаваць харугвы і абразы з выявамі святых. Сёлета ў працэсіі будуць несці абраз Езуса Міласэрнага, адзначае сайт Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Падчас шэсця будзе раздавацца пітная вада. Працэсію будзе суправаджаць машына з гучнагаварыцелем, што дазволіць усім удзельнікам прымаць актыўны ўдзел у спевах і малітвах.