Мінскія маршруткі могуць неўзабаве падаражэць на 20%

Тарыфы на паслугі маршрутных таксовак ў Мінску хуткім часам будуць павышаныя. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення цэнавай палітыкі камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Іосіф Рачыцкі. Ён адзначыў, што на маршрутных таксоўках пераважна працуюць прыватныя структуры, якія не атрымліваюць датацыяў з гарадскога бюджэту. Па словах чыноўніка, рашэнне пра павышэнне тарыфаў на паслугі маршрутных таксовак у памеры да 20% знаходзяцца на ўзгадненні ў Міністэрстве юстыцыі.

Рачыцкі таксама паведаміў, што 20% — гэта гранічны максімальны ўзровень, інфармуе БелаПАН. Па яго словах, нават на адным і тым жа маршруце ў розных перавозчыкаў кошты могуць адрознівацца. Разам з тым, яны не павінны перавышаць гранічны ўзровень. Пры невыкананні гэтай умовы ўладальнік таксі будзе несці адміністрацыйную адказнасць.