Мінскія ўлады маюць намер усталяваць помнік у Курапатах?

Сталічныя ўлады могуць паставіць у Курапатах помнік ахвярам сталінізму. У Мінгарвыканкаме лічаць магчымым разгляд гэтага пытання пасля стварэння мемарыяла “Трасцянец” і добраўпарадкавання вайсковых могілак часоў Першай сусветнай вайны.
Пра гэта паведамляецца ў адказе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Ціцянкова Беларускаму добраахвотнаму таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры. Старшыня таварыства Антон Астаповіч у размове з Еўрарадыё працытаваў атрыманы ліст.

“Лічым магчымым па завяршэнні прац па вышэйзгаданых аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны разглядзець пытанне аб стварэнні помніка ахвярам палітычных рэпрэсій і добраўпарадкавання ўрочышча Курапаты”.


Антон Астаповіч нагадаў, што пастанова аб стварэнні мемарыяла ў Курапатах была прынятая яшчэ ў 1989 годзе, і яе ніхто не адмяняў. Таму Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры будзе надалей дамагацца яе выканання.