Мінюст і Генпракуратура рыхтуюць "каменданцкую гадзіну"
Такім чынам чыноўнікі збіраюцца абараняць нашых падлеткаў ад расійскага гульнявога бізнесу
У Беларусі распрацавалі законапраект, згодна з якім непаўналетнім забароняць увечары і ўначы знаходзіцца на вуліцы без бацькоў або суправаджэння дарослых. Плануецца, што для падлеткаў да 14 гадоў абмежаванне будзе дзейнічаць з 22.00 да 06.00, 14-16-гадовых — з 23.00.
Чакаецца, што за непаўналетнімі будуць сачыць не толькі бацькі, а і ўладальнікі забаўляльных устаноў. Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё распавёў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Пётр Кісялёў: “Ідэя ў тым, каб самыя гэтыя ўстановы, служба бяспекі, калі спатрэбіцца, то і па пашпартах прапускала — каб непаўналетнія там, асабліва ў пазалекцыйны час, а ў прынцыпе і ўвогуле, у гэтых установах не былі. Увогуле ўсе сістэмы, якія займаюцца якімі-небудзь гульнявымі пытаннямі, што цягнуць за сабой нейкія матэрыяльныя страты ці выгоды. Дыскатэкі звычайныя, калі туды падлетак прыходзіць у пазалекцыйны час і непаўналетні — тая ж самая адказнасць будзе”.
Уладальнікаў клубаў і дыскатэк, калі там падчас “каменданцкай гадзіны” заўважаць падлеткаў да 16 гадоў, чакаюць штрафы — да 1 мільёна 750 тысяч рублёў. За паўторнае парушэнне гэта сума вырасце ў 6 разоў!
Чаму ж “каменданцкая гадзіна” ўводзіцца толькі зараз, хаця размовы пра яе цягнуцца ўжо даўно? Як сцвярджае Пётр Кісялёў, канчатковую кропку ў бясконцых размовах паставіла наша ўсходняя суседка. А калі дакладней – расійскі гульнявы бізнес.
Пётр Кісялёў: “З ліквідацыяй гульнявых устаноў у Расіі сітуацыя пэўным чынам пачала змяняцца. Ледзьве не афіцыйная палітыка робіцца: ну, давайце прыязджайце, будзеце тут гуляць — мы падаткі будзем з вас браць! Адмежаванне нашай моладзі ад магчымых нейкіх наступстваў — на апярэджанне працуем. Зараз жа ўжо хвароба гэткая з’явілася. Усё часцей і часцей крымінальныя справы, калі прадаюць машыны, кватэры, крадуць — усё гэта дзеля чаго? Раней беглі, каб наркотыкі хутчэй купіць. Ну, а зараз усё часцей і часцей — каб прайграць”.
Нагадаем, спробы ўвесці “камендацкую гадзіну” для падлеткаў былі і раней. Да прыкладу, яшчэ 30 снежня мінулага года Мінгарсавет накіраваў падобнае рашэнне ў Міністэрства юстыцыі на экспертызу. Аднак чыноўнікі Мінюсту ініцыятыву гарадскіх дэпутатаў тады не падтрымалі.
Як патлумачыла Еўрарадыё намесніца начальніка ўпраўлення кадраў і ідэалагічнай працы Мінюсту Людміла Мазан, падобныя законапраекты павінны быць замацаваныя ў актах больш высокага ўзроўню. Да таго ж пастанова аб увядзенні “каменданцкай гадзіны” рыхтавалася спецыялістамі Мінюсту яшчэ раней. Гарадскія дэпутаты, сцвярджае чыноўніца, папросту паспяшаліся, перавысіўшы ўласныя паўнамоцтвы.
Людміла Мазан: “Насамрэч законапраект ужо рыхтаваўся, гэта праўда. Ну, а Мінгарсавет пастанавіў сваім рашэннем гэта ўсё апярэдзіць. Такое, з пункту гледжання заканадаўства, недапушчальна, таму Мінюст і адхіліў. Але гэта не азначае, што Міністэрства юстыцыі супраць. Фізічна ўжо існуе гэты падрыхтаваны законапраект — размова вядзецца пра працэдуру яго зацвярджэння”.
Законапраект ужо распрацаваны і праходзіць апошнюю стадыю ўзгадненняў. Напрыканцы лютага ці напачатку сакавіка дакумент трапіць на разгляд да парламентарыяў.
Фота з http://photopolygon.com/