Мінюст па-ранейшаму думае пра скасаванне артыкула 193-1

Міністэрства юстыцыі ў чарговы раз пацвердзіла намер уладаў аб скасаванні артыкула Крымінальнага кодэксу 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Пра гэта стала вядома непасрэдна з афіцыйнага дакумента Мінюста, які быў накіраваны міжнароднаму грамадскаму аб'яднанню "Грамадзянская Беларусь" (Чэхія).  Як паведамляе прэс-служба Асамблеі НДА, гэты дакумент — адказ на просьбу арганізацыі праінфармаваць, як прасоўваецца справа з разглядам магчымасці выключэння артыкула 193-1 з Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што чэшская арганізацыя ўлетку мінулага года ўжо звярталася з заклікам да беларускіх уладаў адмяніць ганебны артыкул. Тады "Грамадзянская Беларусь" атрымала з Мінюсту адказ, дзе гаварылася пра намер "выключыць з артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу норму пра адказнасць за арганізацыю дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, змяніўшы крымінальную адказнасць за гэтыя дзеянні на адміністратыўную адказнасць".


Глядзі таксама: Намеснік міністра юстыцыі: Не памятаю, каб я нешта такое падпісваў