Мінюст папярэдзіў Партыю БНФ і КХП-БНФ

Міністэрства юстыцыі папярэдзіла Партыю БНФ і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю — БНФ пра неабходнасць выконваць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. У паведамленні Мінюсту гаворыцца, што папярэджанне звязанае з заявамі прадстаўнікоў кіраўніцтва палітычных партый пра намер правесці 25 сакавіка шэсце па маршруце, не адпаведным афіцыйна ўзгодненаму з Мінгарвыканкамам.

Як паведаміў агенцтву БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, там пакуль не атрымалі папярэджання. Дарэчы, сам Івашкевіч зазначыў, што пра магчымую змену дазволенага ўладамі маршруту акцыі ў Дзень Волі, 25 сакавіка, выказваўся толькі ён, аднак не казаў ні пра які маршрут.

Намеснік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў таксама паведаміў, што партыя пісьмовага папярэджання пакуль не атрымала. Партыя падавала заяўку на мітынг на пляцоўцы каля ўваходу ў Батанічны сад, але ёй адмовілі, адаслаўшы на плошчу Бангалор.