Мірны апусціўся на 21 месца ў парным рэйтынгу і рызыкуе прапусціць Алімпіяду

Асацыяцыя тэнісістаў прафесіяналаў апублікавала новы рэйтынг. Максім Мірны ў парным разрадзе страціў 5 пунктаў і апусціўся на 21-е месца.
Нагадаем, напярэдадні беларус разам з брытанцам Джэймі Мюрэем, прайгралі ўжо ў першым крузе адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У адзіночным разрадзе беларускі тэнісіст апусціўся адразу на 27 пунктаў і займае цяпер 218-ы радок.

Для таго, каб Мірнаму гарантавана патрапіць на Алімпійскія гульні, якія пройдуць сёлета ў Пекіне, яму неабходна трапіць у дзесятку лепшых у парным разрадзе. Аднак з цяперашнім рэйтынгам зрабіць гэта будзе вельмі складана. Тым не менш, вядучы спецыяліст Беларускай тэніснай асацыяцыі Аляксандр Руцкі настроены аптымістычна:

“Там складаная сістэма, таму так проста не патлумачыш. Першая дзесятка сабе “браніруе” месцы і пасля “дабіраецца” за кошт прапановаў Сусветнай тэніснай асацыяцыі. А Максім Мірны, усё ж такі, адзін з самых выдатных тэнісных гульцоў”.

Такім чынам, у Максіма Мірнага яшчэ ёсць час – да чэрвеня, калі стане вядома, хто ж паедзе на Алімпіяду. Калі ён не здолее палепшыць свой рэйтынг, тады беларусу давядзецца спадзявацца, што чыноўнікі з Сусветнай тэніснай асацыяцыі згадаюць пра яго ранейшыя заслугі і вырашаць выбраць менавіта яго.