Мірон вывесіў сцяг над будоўляй віцебскага КДБ

8 траўня а 3-й гадзіне ўночы Мірон вывесіў у Віцебску бел-чырвона-белы сцяг. Месца для яго абрана невыпадковае: на вежавым кране, задзейнічаным на ўзвядзенні новага будынку КДБ. Невядомы прымацаваў сцяг на самым канцы стралы крана. Будоўля месціцца ў самым цэнтры горада. На новае месца віцебскі абласны КДБ пераедзе ў наступным годзе з былога губернатарскага палаца, помніка архітэктуры, які  будзе нарэшце перададзены абласному  краязнаўчаму музэю. З крыніцаў, вартых даверу, Еўрарадё стала вядома, што да сцяга была прымацавана цыдулка з наступным надпісам:

“Асьвяціў новабудоўлю  “канторы”. Каб замест савецкага  КДБ паўстала Беларуская служба бясьпекі (скарочана БСБ). У новы будынак — зь гістарычнымі сымбалямі і без ідэалёгіі і чэкізму. Хай умацоўваецца  нацыянальная бясьпека беларускай незалежнай дзяржавы. Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон”

Нагадаем, 12 траўня адбудзецца чарговае пасяджэнне суда па справе 7 студзеня, калі актывіст Сяргей Каваленка вывесіў  бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай елцы горада.  Напярэдадні Дня перамогі Сяргея Каваленку абвінавацілі яшчэ і ў дробным хуліганстве, а дакладней — у нецэнзурнай лаянцы. Спадар Каваленка лічыць, што справа супраць яго сфабрыкавана менавіта каб папярэдзіць здзяйсненне нейкіх апазіцыйных акцый 9 траўня.





Фота: Сяргей Серабро, Народныя навіны Віцебска