"Міс Свету 2009" стала дзяўчына з Гібралтара

"Міс Гібралтар" Каянэ Алдарына стала ўладальніцай тытула "Міс Свету — 2009". Яна атрымала карону, зробленую ювелірамі брытанскага каралеўскага двара, і 85 тысяч долараў. На другім месцы апынулася прыгажуня з Мексікі, а трэцяе заняла прадстаўніца Паўднёвай Афрыкі, дзе і праходзіў конкурс, перадае агенцтва Франс-Прэс.

Як адзначае выданне, цырымонія прайшла з размахам і адлюстроўвала мясцовы афрыканскі каларыт. Тым часам мясцовыя СМІ абрынуліся з крытыкай на ўлады Ёханесбурга, якія выдаткавалі 12 мільёнаў долараў на арганізацыю конкурсу, але пры гэтым не могуць забяспечыць прасцейшыя патрэбы бедных слаёў насельніцтва.

Нагадаем, нашу краіну на конкурсе прадставіла самая тытулаваная прыгажуня — 22-гадовая Юлія Сіндзеева. Яна ўжо атрымлівала прызы на конкурсах “Міс Беларусь”, “Топ-мадэль свету”, “Міс Інтэрнэшнл” і “Міс Еўропа”.

Напярэдадні беларуска трапіла ў пяцёрку папярэдняга рэйтынгу патэнцыйных пераможцаў, аднак на самім конкурсе не змагла прабіцца ў паўфінал.